Краязнаўства: Чучавіцкі край

Як Гаўрыла Курак два стагі сена спаліў?

Першае, што варта адзначыць - гэта была крымінальная справа. Адбылося ўсё ў ноч на 31 студзеня 1885 года. Заяву ў суд падалі 10 траўня 1886 года, а прысуд вынесены ў снежні 1886 года. Што адбылося паміж аднавяскоўцамі і якім быў прысуд? Будзем разбірацца.

Як гучыць абвінавачванне і хто на каго падаў заяву?

Вінаваўчы акт па справе быў складзены ў Пінску 24 красавіка 1886 года, а афіцыйна прыняты Мінскім Акруговым Судом ужо 10 траўня 1886 года.
Менавіта Мінскім Акруговым Судом была ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 1614 Укладання аб пакараннях крымінальных і папраўчых.
Артыкул 1614 Укладання аб пакараннях крымінальных і папраўчых
Артыкул 1614 Укладання аб пакараннях крымінальных і папраўчых
Паводле вінаваўчага акта, Курак Гаўрыла Іванавіч абвінавчваўся ў падпале двух стагоў сена адстаўнога радавога Рылача Якава Раманавіча. Вайсковае званне "адстаўны радавы", дакладна, прыдавала больш статусу ў тыя часы, таму ва ўсіх дакументах Якаў Раманавіч адзначаецца ў звязцы з ім. Падпал двух стагоў сена адбыўся ў ноч з 31 студзеня 1885 года на лугах урочышчаў Дубровіных. Гэтым падпалам Гаўрыла нашкодзіў Якава на суму 20 рублёў, тым самым падвёў сябе пад артыкул 1614.
Радавод Курака Гаўрылы Іванавіча
Радавод Курака Гаўрылы Іванавіча
Калі глядзець на радавод, то роднай сувязі паміж Гаўрылам і Якавамі не ўсталёвана, аднак Якаў быў шурынам для Гаўрыла.
Курак Гаўрыла Іванавіч нарадзіўся 26 сакавіка 1849 года і быў старэйшым сынам у сваіх бацькоў. Праз 7 год у Гаўрыла нараджаецца сястра Наталля. Менавіта, Наталля ў 1874 годзе абіраецца шлюбам з Рылачом Якавам Раманвічам, то бок Якаў - гэта мужык сястры Гаўрылы.

Што адбылося ў ноч на 31 студзеня?

Тут варта адзначыць, што сведчанні Гаўрылы і Якава не надта адрозніваюцца.
Вось, як выгладаў той дзень паводле Гаўрыла Іванавіча.
Завуць мяне Гаўрыла Іванавіч Курак, селянін Чучавіцкай воласці, вёскі Малыя Чучавічы. Гадоў ад роду маю каля 40. Увечары мінулага 31 студзеня з шурынам Якава Рылачом гулялі на вяселлі ў аднасельца Лук'яна Тупека. Там "напились до пьяна, я потом пошел в корчму, где завел спор, а потом подрались. В отомщение за это я той ночи пошел на болото и поджёг два стога сена, скошенного Рылачем на моем сенокосе". Сена гэтае пакасіў Рылач з майго дазволу дзеля нашага сваяцтва. "Все это я сделал без сознания, потому что был сильно пьян и признаю себя в этом виновным и согласен уплатить все убытки Рылача".
Сведчанні Гаўрыла Курака пры допыце прыстава, 10 лютага 1885 г.
Сведчанні Гаўрыла Курака пры допыце прыстава, 10 лютага 1885 г.
Як адзначаецца ў вінаваўчым акце, Рылач Якаў заявіў мясцоваму валасному праўленню, што Курак Гаўрыла спаліў два стагі сена, дадаўшы крыху звестак:
Сам Курак Гаўрыла прызнаўся Чучавіцкаму валасному старшыні Гнедзька Мірону, калі той прыбыў на месца здарэння. Тым больш Гаўрыла пасля падпалу перадаў Якава тую же колькасць сена, якая была спалена, то бок ён нібыта кампенсаваў тую шкоду.
Сведкамі значацца чатыры чалавекі, і ўсе яны падтрымліваюць словы Рылача Якава.
  • Гнедзька Мірон Кандратавіч - Чучавіцкі валасны старшыня;
  • Гаргун Мельян Прохаравіч;
  • Гушчэня Матвей Змітравіч;
  • Шумскі Васіль Прохаравіч.
Калі абагульніць сведкі і вынікі допытаў, то атрымоўваецца, што было вяселле ў сям'і Тупека Лук'яна Рыгоравіча (меркавана, браўся шлюбам яго сын). Гаўрыла і Якаў былі на вяселлі, дзе занадта падпілі. Працяг адбыўся ў вясковай карчме, дзе паміж імі пачалася спрэчка за стагі сена, якія Гаўрыла даў загатаваць Якаву на сваёй дзялянцы. У беспамяцтве Гаўрыла ідзе на ўрочышча і паліць два стагі сена. На наступны дзень чуткі пра спаленыя стагі даходзяць да Якава, і той ідзе высветляць абставіны. Гаўрыла не памятае нічога і адхрышчываецца ад падпалу, тады Якаў ідзе да валаснога старшыні і піша заяву. Гаўрыла пагаджаецца аддаць Якаву два стагі сена, аднак гэтым потым прыкрываецца, што нібыта даў тыя стагі з-за таго, што родныя адзін адному людзі і шкада стратам. Аднак усё адно распачнецца судовы працэс.

Як праходзіў судовы працэс?

Паводле абвінаваўчага акта Курак Гаўрыла Іванавіч быў пад падпіскаю а нявыездзе, а дакладней "падпіска аб неатлучцы з месца жыхарства". Канешне, гэта судовая фармальнасць, аднак з Чучавіч Гаўрыла, мяркую, не надта далёка мог уцякчы. Тым больш, калі ты хаджаін двара, а у цябе як мінімум трое дзяцей.
Праз тыдзень пасля здарэння Чучавіцкім валасным пісарам быў напісаны акт прыставу Мазыркага павета.
Ліст да прыстава быў праштампаваны Чучавіцкім валасным старшынёй Гнедьзка Міронам і Чучавіцкім сельскай старастай Раўковічам Якава. Дадаткова сваёй рукою ліст падпісаў пазоўца Рылач Якаў. У адказ на гэты ліст у вёску прыязджае прыстаў 4-га стана Мазырскага Павета. Ён дапытвае Гаўрылу як вінавайцу і той прызнаецца ў падпале стагоў, бо быў надта злы і п'ян.
Пячаткі Чучавіцкіх валаснога старшыні і сельскга старасты, 1886 г.
Пячаткі Чучавіцкіх валаснога старшыні і сельскга старасты, 1886 г.
У студзені 1886 года быў допыт усіх удзельнікаў працэса. Сваю версію падзей выказаў Курак Гаўрыла, які спачатку адмаўляўся ад абвінавачанняў, а таксама Рылач Якаў, які на другі дзень пасля здарэння падаў скаргу валасному старшыні. У скарзе ён апісывае ў дэталях той дзень, што ўранку да яго прыйшлі вяскоўцы, расказаўшы, што сена загрэла, а перад гэтым яны ў кабаку спрачаліся з Гаўрылам.
Па судовай справе быў і допыт сведак. Так Гаргун Мельян распавёў, што Гаўрыла спаліў стагі за дзве гадзіны да захада сонца. Што цікава, сведкам таксама быў Тупека Лук'ян Рыгоравіч, на вяселлі якога і пачалося распіцце алкаголю. Як адзначаюць сведкі, у кабаку тыя пілі водку.
Пратакол допыта сведак, 1886 г.
Пратакол допыта сведак, 1886 г.
Пасля допыта сведкаў 26 студзеня 1886 года судовым следчым у горадзе Тураве было вызначана перадаць справу пракурору Пінскага ўчастка Страцілатаву.
Праз тры месяцы быў складзены вінаваўчы акт у горадзе Пінску, а пасля гэтага была ўзбуджана крымінальная справа Мінскім Акруговым Судом. Ён жа, у сваю чаргу, пастанавіў праводзіць суд прысяжных.

Хто разглядаў справу?

Паседжанне па справе праходзіла ў горадзе Мазыры 3 снежня 1886 года. Прысяжных абіралі па жрэбіі з 30 чарговых і 3 запасных. Камплект склаўся з 12 прысяжных, дзе старшынёй быў калежскі асэсар Малчанаў Зміцер Хведаравіч.
Спіс прысяжных:
  1. Навродскі Рудольф Іванавіч - надворны дарадца
  2. Здрок Абрам Васільевіч - селянін
  3. Герасімовіч Трафім Васільевіч - селянін
  4. Козыр Даніла Кандратавіч - селянін
  5. Ільюк Павел Якаўлевіч - селянін
  6. Гонік Янкель Хаймавіч - купец
  7. Кадол Ілля Сцяпанавіч - селянін
  8. Малчанаў Зміцер Хведаравіч - калежскі асэсар
  9. Асіповіч Іван Іванавіч - калежскі дарадца
  10. Глушко Сава Трафімовіч - селянін
  11. Сакун Якім Емельянавіч - дваранін
  12. Дубень Сцяпан Паўлавіч - селянін

Запасныя прысяжныя:
  1. Пашкоўскі Віктар Васільевіч - калежскі асэсар
  2. Харчаў Аляксандр Васільевіч - калежскі сакратар
Паводле паседжання суд прысяжных вырашыў наступнае:
Курак Гаўрыла Іванавіч вінаваты, але ж па абставінах справы заслугоўвае паслаблення ў выраку.

Што вырашыў суд?

Прысуд выносілі ў той жа дзень, 3 снежня 1886 года. Старшыня быў В.А. Герыке, а чальцамі суда - А.Ф. Русанаў і ганаровы міравы суддзя Кеневіч. Пракурорам па справе быў - В.А. Весялоўскі.
Гэтым складам было выслушана меркаванне прысяжных, аднак суд палічыў, што Курак Гаўрыла наўмысна вынішчыў агнём стагі. Аднак з-за таго, што шкода была прычынена ў мінімальным памеры і што Гаўрыла самастойна яе пакрыў, то суд палічыў гэта паслабленнем у фінальным выраку.
Селяніна вёскі Малыя Чучавічы Гаўрыла Іванавіча Курака, 38 год, на падставе 1614, 149, і 2 ступ. 38 арт. укладання аб пакаранні, 828 арт. уст. кр. суд., 134, 135 і 1 ступ. 39 арт. укладання аб пакаранні, падвергнуць арышту пры паліцыі на тры тыдні. Судовыя выдаткі па справе спагнаць з асуджанага Курака, а ў выпадку яго незаможнасці (беднага становішча) прыняць іх на рахунак казны.

Дакументаванне судовай справы дае асэнсаванне жыцця ў Чучавіцкім краі ў 1885 годзе. Нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, чучаўлякі з размахам святкавалі вяселле і ўпіваліся так, што гарэлі стагі на ўрочышчах. На сённяшні час не ўсталёваны нашчадкі Гаўрылы і Якава. Судовая справа паміж аднавяскоўцамі - буйная падзея, таму ёсць усе думкі, што гэты працэс паўплываў на стасункі паміж іх нашчадкамі.
Малыя Чучавічы Урочышчы Дакументы Гісторыі
Made on
Tilda