Краязнаўства: Чучавіцкі край

Хто такія Агарковы, уладальнікі Чучавіцкага краю?

Агарковы з'явіліся ў Беларусі на прыканцы 19 стагоддзя з Адэсы. Княгіня Марыя Гогенлоэ-Шылінгфюрст, адзіная нашчадніца радзівілаўскіх зямель, у 1893 годзе прадала Сцяпану Агаркову некалькі маёнткаў Мінскай Губерніі багатых на лясы, у тым ліку Чучавічы і Ленін.

Цалкам было набыта больш за 200 тысяч дзесяцін зямлі, што зрабіла Сцяпана Агаркова адным з буйнейшых землеўладальнікаў у Беларусі. Ніжэй прыводзім маёнткі Агаркова з адпаведнай плошчай на 1899 год, калі складаўся даведнік землеўладальнікаў "Вся Россия. 1899".

  1. Чучавічы - 22 310 дзесяцін
  2. Гаўрыльчыцы - 11 784 дзесяціны
  3. Ленін, Сітніца, Юркевічы - 84 949 дзесяцін
  4. Дзякавічы - 61 813 дзесяцін
  5. Гарадзяцічы - 19 779 дзесяцін
  6. Вотчын - 15 588 дзесяцін

План маёнтка Чучавіч Ф.С. Агаркова, пачатак ХХ ст..

Лясапільны бізнэс Агарковых

Сцяпан Агаркоў адным з першых пачаў развіваць лясны бізнэс, скарачая продаж лесу і павялічвая продаж ляснога перапрацоўчага матэрыяла.

У сярэдзіне 1890-ых гадоў Сцяпан Агаркоў становіцца буйнейшым пастаўшчыком дзёгаця ў Мазырскім павеце. А ўжо праз некалькі год, у 1898 годзе, Сцяпан Агаркоў адкрывае лесапільны завод на станцыі Мікашэвічы.

У 1903 годзе пасля смерці Сцяпана ўсе ўладанні пераходзяць сыну Хведару Агаркову, а той пачынае ладзіць буйныя прамысловыя справы: пабудаваў фанерную фабрыку, якая разам з лесапільным заводам склалі цэлы лесапільны комплекс. Гэты комплекс атрымаў назву Сцяпанаўскі фанерна-лесапільны завод.

Фанерна-лесапільны завод Агаркова ў Мікашэвічах, пачатак ХХ ст.

Будаўніцтва Чучавіцкай вузкакалейкі

У 1904 годзе Хведар прыходзіць да думкі будаўніцтва чучавіцкай галіны палескай чыгункі. У наступным годзе пачынаецца будаўніцтва ад станцыі Люшча і да самага Чучавіцкага краю (станцыя "Канал" ва ўрочышчы Бор). Станцыя менавалася "Канал", бо лес з Чучавіцкага краю сплаўлялі па каналу да фабрыкі Агаркова. Менавіта гэтым лесам і займалася кантора "Бор" памешчыка Хведара Агаркова.

Чучавіцкая вузкакалейка паміж станцыямі Чучавічі і Канал, пачатак ХХ ст.

Канешне, Хведар Агаркоў клапаціўся за бізнэс, таму будаўніцтва вузкакалейкі забяспечвала падвоз сыравіны з Чучавіцкіх лясоў на апрацоўку ў Мікашэвічы.

У 1914 годзе, напярэдадні вайны, Хведар Агаркоў дамагаецца Міністэрскага дазволу на перавоз пасажыраў па Чучавіцкай вузкакалейцы. Тым самым вузкакалейка Люшча - Канал пачала паўнавартасна працаваць. У Чучавіцкім краі станцыі былі на месцы цяперашняга леспрамгаса (станцыя Чучавічы 4 класа) і ва ўрочышчы Бор (станцыя Канал 4 класа).

Вузкакалейка была разабрана ў 1987-1991 гады.
Частка рэяк выкарыстоўваецца жыхарамі краю як платовыя слупы.

Як развіваўся лесапільны бізнэс Агарковых перад Першай Сусветнай?

Вяртаемся да лесапільнага комплексу ў Мікашэвічах.

Хведар Агаркоў меў сапраўдныя поспехі ў бізнэсе: прадпрыемства пашыралася і ў аб'емах вытворчасці, і ў прыбытках. Таваразварот прадпрыемства ў 1909 годзе быў - 280 тысяч рублёў, а ў 1913 годзе павялічыўся да 450 тысяч (+61%). Тавары скуплялі гандлёвыя кампаніі Масквы, Харкава і Адэсы, адкуль паходзілі Агарковы.

У так званым беларускім спісе прадпрамальнікаў "Forbes" за 1913 год Хведар Агаркоў займаў месца №12.
Дарэчы, у топ-15 уваходзілі шчэ чатыры прадпрамльнікаў з Палесся: Есіп Гальперын (№6), Раман Скірмунт (№9), Ісідор Лур'е (№13) і Аляксандр і Леапольд Лур'е (№14).

Дакладна перад Першай Сусветнай вайною Хведар Агаркоў выходзіць са сваім комплексам у Еўропу, а дакладней на лонданскі і парыжскі рынкі!
Еўрапейскія фірмы (тытуневыя, кандытарскія і гільзавыя вытворцы) былі зацікаўлены ў корабах для ўпакоўкі.

Сцяпанаўскі фанерна-лесапільны завод быў адзіным прадпрыемствам з Беларусі ў тыя часы, хто меў сталыя склады ў Францыі і Англіі!

Фабрыкі Агаркова пасля Першай Сусветнай вайны

Пасля Першай Сусветнай вайны Хведар Агаркоў пераключыўся на грамадскую дзейнасць. Прадпрыемства было перададзена ў арэнду Міхалу Чуднеру. Сам Агаркоў пасля вайны быў чальцом Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (на той момант аб'яднанне меў моцны ўплыў на памешчыкаў Мінскага губерні). Хведар таксама быў накіраваны ад землеўладальнікаў Мазырскага павету ў губернскі земскі сход.

Пасля Рыжскай мірнай дамовы Мікашэвічы ўваходзяць у склад Польшчы, а Хведар Агаркоў прадае свае прадпрыемства і лясныя дачы Науму, Герману, Морысу і Гарацыю Хелерам, буйнейшым прадпрамальнікам Польшчы ў галіне дрэваапрцоўкі. На той момант яны валодалі холдынг Compagnie d`Anaus, які размяшчаўся ў Антвэрпэне.

З фабрыкі Хведара Агаркова Хелер стварылі дзве акцыянерныя кампаніі Przemysl Drzewny «Agahell» і Mikaszewickie Zaklady Wyrobow Drzewnych "Olza".

Візітная картка акцыянернай кампаніі "AGAHELL", пачатак ХХ ст.

Дарэчы, другая кампанія "Olza" займела добры такі поспех з вытворчасцю авіацыянай фанеры. У пэўныя часы на фабрыцы працавала каля тысячы супрацоўнікаў, тым самым "Olza" стала адным з буйнейшых прадпрыемств заходняй часткі Беларусі.

За грошы фабрык Хелераў была адбудавана інфраструктура Мікашэвіч, у тым ліку Народны дом імя маршала Пілсудскага, ці простымі словамі Дом Культуры. Будаўніцтва абышлося ў 60 тысяч злотых. Паказывалі і фільмы з гукам, і тэатральныя пастановы.

Народны дом імя маршала Пілсудскага, 1930-ыя гг.

Заля Народнага дома імя маршала Пілсудскага, 1930-ыя гг.

У верасні 1939 года фабрыка захопліваецца савецкімі ўстановамі. Спачатку Трэстам фанернай прамысловасці заходніх абласцей Беларусі, а потым кіраванне пераходзіць да Галаўнага упраўлення фанернай і запалкавай прамысловасцю Народнага камісарыята лясной прамысловасці БССР.



Сцяпан і Хведар Агарковы зрабілі шмат для эканамічнага развіцця сваіх зямель, у тым ліку для Чучавіцкага краю: была адбудавана вузкакалейка, а дзейнасць фабрык дала працоўныя месцы сялянам.


Шчэ мая прабабуля расказвала, што яе бацька, то бок мой прапрадзед, Ліхтар Сцяпан Данілавіч, хадзіў на работу ў лес на сплаў сыравіны.
Дадатковым паказчыкам з'яўляецца сельскагаспадарчы перапіс насельніцтва ў 1916 годзе, дзе 6 з 25 двароў лясной канторы "Бор" належалі чучаўлянам.

Аднак эканамічны ўздым для Чучавіцкага краю прыносіў і хваляванні. Хваляванні, верагодна, адбываліся з-за малай адукаваннасці тутэйшых і іншых поглядаў на працу і прыватную маёмасць. Так у 1910 годзе ў Гоцку сяляне зладзілі пратэст з-за лясных надзелаў Агаркова, у выніку якога былі затрыманы 5 сялян, якіх потым вызвалілі аднавяскоўцы. А ў 1916 годзе сялянамі Гоцка былі накірована скарга ў суд на змяншэнне плошчы пашавага сэрвітута.
Вялікія Чучавічы Урочышчы Мапы Даследаванні
Made on
Tilda