Краязнаўства: Чучавіцкі край

Як ставілі на ўлік шаптух і знахараў у 1937 годзе?

Увесну 1937 года ад следчага ўжонда Палескага ваяводства накіроўваецца ліст да павятовых камендатур: знахары нясуць пагрозу грамадству, трэба іх узяць у распрацоўку. Разбіраемся, што стала падставаю, як складаліся "спісы" і што са знахарамі ў Чучавіцкім краі.
Матэрыял падрыхтаваны пры фінансавай падтрымцы чытачоў Арцёма і Аліны

Што адбылася ў маі 1937 года

20 мая 1937 года ў Брэсце ў следчым ужондзе Палескага ваяводства друкуецца ліст № 2184. Праз пяць дзён ліст падпіша кіраўнік следчага ўжонду Я. Будзінскі.
Ваяводскі ліст кажа аб тым, што ад цёмнасці крэсовых людзей (у гэтым выпадку жыхароў Палескага ваяводства) пачалі актыўна дзейнічаць рознага кшталту махляры, у тым ліку знахары. Знахары з'яўляюцца найбольш небяспечнымі сярод усіх груп, бо яны ў больш блізкіх стасунках з мясцовымі жыхарамі. А з-за таго, што стасункі блізкія, то ім больш лёгка ўвайсці ў давер да тутэйшых. Знахары лекаюць людзей, каней, быдла, вырашаючы пытанне за грошы ці за некія рэчы.
Паводле ліста (гэта можам успрымаць як падставу для яго напісання), у брэсцкім павеце здарыўся выпадак. Некі мужчына Х разышоўся з жанчынаю, з якой у іх было некалькі дзяцей, і абраўся шлюбам з іншай жанчынай. Кінутая жанчына звярнулася да знахара за дапамогаю. Знахар даў ёй "любчык" (арыг. - "lubczyk", расліна, але ж так маглі назваць іншыя расліны па тыпу афрадызіякаў) і наказаў жанчыне, каб тая намяшала яе ў водцы. Знахар сцвярджаў, што пасля таго, як Х вып'е водкі, той кіне сваю новую жонку і вернецца да першай. Прыйшоў час, калі жанчына падлавіла момант, каб дадаць у водку зелье. Аднак Х выпіў водкі, цяжка захварэў і неўзабаве помер.
Пасля смерці Х судова-следчая ўлада зладзіла экспертызу органаў, у тым ліку каб высветліць з чаго складаўся "любчык". Як сведчыць ліст, знахары карыстаюцца рознымі мяшанкамі атруты, то бок кожны камбінуе патаемныя лекі па-свойму.
Апісаны выпадак, як пішуць у лісце, не з'яўляецца рэдкасцю, і шмат такіх прыводзіць да смерці. Усе гэтыя выпадкі здараюцца па віне знахраў і цёмнасці валасцянкіх людзей, якія не толькі бязмежна вераць знахарам, але ж і падазраюць ды з недаверам ставяцца да дыпламаваных лекараў, якія ратуюць атручаных людзей. Акрамя смяротных выпадкаў часта скончвалася ўсё слабасцю, калецтвам як людзей, так і жывёл, якіх лекавалі знахары.
Такім чынам для каардынацыі барацьбы са знахарамі да 3 ліпеня 1937 года неабходна сабраць і даслаць у следчы ўжонд карткі на ўсіх знахараў, якія жывуць на пэўных тэрыторыях ваяводства. Пры чым паведамляецца, што ў "катэгорыі зланчыства" неабходна адзначаць "знахар-махляр". Кожную картку неаобходна суправадзіць асабістым фотаздымкам. Фатаграфаваць знахараў трэба не ўлічваючы ўзрост кожнага. Пры тым адзначаецца, што ўзрост у знахарстве мае вялікі сэнс, бо чым знахар старэй, тым больш яму вераць, адпаведна тым лягчэй яму падмануць чалавека.
Ліст кіраўніка следчага ўжонда Я. Будзінскага да павятовых камендатур / Крыніца: ДАБВ
Ліст кіраўніка следчага ўжонда Я. Будзінскага да павятовых камендатур / Крыніца: ДАБВ
Гэты ліст быў накіараваны ў кожную павятовую камендатуру палескага ваяводства. Дадаткова для інфармавання ліст быў накіраваны да аддзела грамадскай палітыкі, да пракуроа ў Пінск і да кіраўнікоў следчых ужондаў у Луцк, Люблін, Беласток і Навагрудак.

Як прайшоў улік у Лунінецкім павеце

У сераду 26 мая 1937 года ліст падпісваецца і накіроўваецца па паветам, у тым ліку ў Лунінецкі павет. Ужо праз 6 дзён справздачацца першыя два гмінныя паліцейскія пастарункі: Ленінскі і Гаўрыльчыцкі. Вынікі першых справаздач палярныя: Ленінскі пастарунак дае спіс з двух чалавек, а Гаўрыльчыцкі, на дзіва, піша, што знахараў ў ваколіцах няма.
На наступны дзень адказ у павятовую камендатуру складае Мікашэвіцкі пастарунак, праз дзень - Люсіна і Красная Воля. Да 10 чэрвеня адказ дадуць 17 пастарункаў. Кажан-Гарадоцкі пастарунак дасць адказ на тыдзень пазней, хаця ліст будзе ўрэшце перакрэсленым.
У 1937 годзе ў Лунінецкім павеце працавала 19 паліцэйскіх пастарункаў.
Наўздагон першаму загаду ад кіраўніка следчага ўжонда 12 чэрвеня ў паявтовую камендатуру прыходзіць новы ліст. У ім Я. Будзінскі наказвае падлічыць агульную колькасць знахараў і здзіўляецца звесткам, нібыта на тэрторыі павета пражывае аж 120 чалавек. Пры гэтым у канцы сказаў дапісаны незразумелы матэматычны разлік: 12 х 5 х 2 - 120.
Адказ следчаму доўга чакаць не прыходзіцца, бо на наступны дзень па атрыманні ліста камісар Антоній Бонк, камендант Лунінецкага павета, рапартуе на цікавы манер:
Паведамляю, што на дадзены момант атрымана інфармацыя па 90 знахарах ад 14 пастарункаў. Ад пяці астатніх пастарунках звестак яшчэ не атрымаў, аднак, спадзяюся, што яны агулам дадуць звесткі па яшчэ 30 людзях.

Такая вялікая колькасць знахараў тлумачыцца адсутнасцю лекараў, вецерынараў, фельчараў і акушэрак, а ісці да тых лекараў, якія зараз ёсць, беднае насельніцтва не можа, бо няма грошаў, каб аплаціць паслугі.

Для таго, каб адфатаграфаваць усіх знахраў просьба даслаць 5 тузінаў стужкі.
На дадзены момант маем толькі 12 стужак на гэтую справу.
У гэтым адказе можна адчуць, як А. Бонк выслугоўваецца перад сваім начальнікам, выказваю спадзеў, што агульная колькасць знахараў будзе 120 чалавек. Пры тым варта адзначыць, што ў дзень, калі павятовы камендант пісаў ліст, звесткі не даў толькі пастарунак у Кажан-Гарадку. З іншага боку словы каменданта можна трактаваць іншым чынам, як намер паўплываць на сітуацыю з медычнымі паслугамі ў павеце. Маўляў, сапраўды, у нас шмат знахараў, бо людзі не могуць пайсці да дактароў, таму як вырашым медычнае пытанне, то і праблема знахараў будзе неістотнай.
Як А. Бонк адсправаздачыўся да запрасіў дадатковыя стужкі, Я. Будзінскі змяняе патрабаванні да павятовай камендатуры і просіць даслаць звесткі ано па 30 найбольш папулярных знахарах у павеце. Пры тым дадаткова дасылаецца прыклада табліцы, якія звесткі там мусяць быць: імя знахара, яго шэптавая спецыялізацыя, сродкі, якімі карыстаецца і хто са сваякоў раней займаліся знахарствам. Разам з лістамі ў Лунінецкую павятовую камендатуру дасылацюць 2 упакавання стужкі з памерам 13х18 см.
Аб прычынах зменаў у зборы інфармацыі можна толькі здагадвацца.
Запыт інфармацыі па 30 найбольш папулярных знахарах ад кіраўніка следчага ўжонда Я. Будзінскага / Крыніца: ДАБВ
Запыт інфармацыі па 30 найбольш папулярных знахарах ад кіраўніка следчага ўжонда Я. Будзінскага / Крыніца: ДАБВ
Павятовая камендатура ізноў дасылае запыты ў пастарункі, каб тыя па адпаведнай форме адзначылі найбольш папулярных знахараў. Цягам 10 дзён у ліпеня прыдуць адказаы ад 14 пастарункаў. Пяць адказаў так і не прыйдзе.
Праходзіць два тыдні, і ў жніўні аспірант Лявон Тычынскі, выканаўца абавязкаў каменданта Лунінецкага павета, дасылае інфармацыю па 13 найбольш папулярных знахараў і дадае, што 30 знахараў не атрымалася адфатаграфаваць, бо іх мало хто ведае, а калі яны і шэпчуць, то выключна сваіх родных.
Інфармацыі аб гэтых 30 знахараў увогуле не було, а тлумачэнне Лявона Тычынскага гэта наўпрост выйсце пасля слоў калегі А. Бонка, што "5 пастарункаў не даслалі шчэ інфы і там будуць звесткі па 30 знахарах". Карацей, трэба було нешта прыдумаць і выйсці сухім з чыстай вады.
Пасля былі толькі ўдакладненні выключна па тых 13 знахарах. Якім чынам вызначалі папулярнасць і што сталася з гэтымі людзьмі, невядома. Было б файна, калі б знайшліся нашчадкі тых людзей. Магчыма, яны змаглі бы дадаць звестак па сваіх продках.
Найбольш папулярныя знахары Лунінецкага павета 1937 года:
(па версіі каменданта Антонія Бонка і выканаўцы абавязкаў каменданта Лявона Тычынскага)
  1. Бако Алімпія
  2. Кулініч Марыя
  3. Мяснік Хайя
  4. Нагорны Мікіта
  5. Дунец Настасся
  6. Качановіч Міхаіл
  7. Герасімовіч Хведар
  8. Міладоўскі Адам
  9. Вінік Кандрат
  10. Занько Лукаш
  11. Жалезная Пелагія
  12. Сіліцкая Стэфанія
  13. Комар Сцяпан
Агулам па справе "Знахараў" была сабрана інфармацыя па 104 людзях.
Інфаграфіка па знахарах Лунінецкага павета 1937 года (паводле звестак мясцовых камендатур)
Інфаграфіка па знахарах Лунінецкага павета 1937 года (паводле звестак мясцовых камендатур)
Сярод інфармацыі па знахарах сустракаюцца рознага кшталту цікавосткі.
Так знахар-мужчына з Кажан-Гарадка спецыялізаваўся на павышэнні надояў у кароў, а знахар-мужчына з Бастыня прымірае каханых, якія варагуюць. Прымірэнне каханых ён рабіў любчыкам з зёлак. Калі зачастую спецыялізацыя была "лекаванне ад хвароб", то ў мужчыны-знахара з Беразнякоў было пазначана дакладна "лечыць каней".
Сярод сваеасблівых спецыялізацый знахараў сустракаюцца аборты (арыг. - spędzanie płodu). Такім, напрыклад, займалася адна жанчына з Любані. Нават запісана яе мянушка: Касцяніха!
Шэптавая культура перадавался па большасць паміж сваякамі. Так можна адзанчыць мужчыну-знахара з зямель Хорастаўскага пастарунка, які пазначыў, што шэптамі займаўся шчэ яго дзед. У Мікашэвічах цікава выглядае запіс пра жанчыну-знахарку, дзе лекавала не толькі яна, але і яе мужык. Яна, дарэчы, спецыялізавалася на лекаванні жывел.
Акрамя інфармацыі па знахарах варта шчэ адзначыць уласцівасці камунікацыі. Так Юзаф Пняк, камендант Беразнякоўскага пастарунка, падае звесткі ў Лунінец, але ж перад гэтым пазначае:
Прыкладаю спіс так званых "шэптакоў", якія жывуць на тэрыторыі тутэйшага пастарунка, а таксама дакладаю, што знахараў на гэтай тэрыторыі няма.

Знахары і шаптухі Чучавіцкага краю

Чучавіцкі пастарунак - адзін з трох, які адказаў павятовай камендатуры, што знахраў і шаптух на іх тэрыторыі не жыве. Так адсправаздачаліся шчэ пастарункі ў Гаўрыльчыцах і Краснай Волі. Мікашэвіцкія паліцыянты спачатку таксама пісалі, што знахараў няма, але ж пры другім запыце ўсё ж склалі спіс з 6 чалавек.
Адказ Чучавіцкага пастарунка на запыт павятовага каменданта / Крыніца: ДАБВ
Адказ Чучавіцкага пастарунка на запыт павятовага каменданта / Крыніца: ДАБВ
Ліст да павятовага каменданта быў напісаны 9 чэрвеня 1937 года пад нумарам №437. Падпісаны сержантам Вацлавам Сасноўскім.
Вацлаў Сасноўскі нарадзіўся 23 лістапада 1893 года ў горадзе Жаркі Сілезскага ваяводства. Бацькі - Людвік і Юзэфа з дому Сакарскіх. Спачатаку працаваў паліцыянтам у Лунінцы, а ў 1928 годзе стаў камендантам паліцэйскага пастарунку ў Чучавічках.
У Чучавічы да яго пераехала і сям'я: жонка Сабіна, дачка Ядвіга і тры сыны. Жылі ў вёсцы да 1939 года. Пры нападзе савецкай улады ў 1939 годзе разам з іншымі паліцыянтам і войскам аховы меж з'ехаў у невядомым накірунку. Далейшы яго лёс невядомы.
Крыніца: дачка Вацлава Ядвіга / https://cmentarz.wroclaw.pl/?p=542
Пры тым, што амаль ва ўсім павеце знахары былі, то адказ Чучавіцкага пастарунка шчыра здзіўляе і дае нагоду паразважаць над гіпотэзамі.
  1. Знахараў і шаптух на самой справе не было. Гэта першае, што можна ўзняць, палічыўшы іх адказ за праўды. Аднак гэтая гіпотэза разбіваецца ўшчэнт зз двух бакоў. Па-першае, у 1934 годзе Юзаф Абрэбскі, наведваючы Чучавіцкі край, запісаў шматстаронкавую нататку з назваю "Знахарства". А ў нататках па суседняй вёсцы Азярніцы апісываў выпадак са знахарам з Гоцка. Па-другое, па расказах тутэйшых вядомы імён некалькіх знахараў, якія шчэ шапталі ў польскія часы. Па-трэцяе, вядома пра існаванне як мінімум па аднаму знахару ці шаптусе ў кожнай вёсцы Чучавіцкага краю за савецкім часам. Адпаведна, тыя, хто іх навучаў, жылі і, меркавана, шапталі пры польскай уладзе.
  2. Чучавіцкі пастарунак быў апазіцыйных поглядаў. Гэтую гіпотэзу цяжка праверыць, але ж верагоднасць такая існуе. Чучавіцкі камісар мог наўпрост непадзяляць палітыку ваявдоскага альбо дзяржаўнага кіраўніцта. Тым самым байкатаваліся загады зверху і дасылалася фармальная адпіска, што ў нашым краі нікога не няма.
  3. Чучавіцкі пастарунак ці начальнік пастарунка сам карыстаўся паслугамі знахараў. Гэтая гіпотэза выглядае найбольш упэўнена, бо пры адсутнасці адпаведных медычных паслуг знахарства ў тым ці іншым выглядзе было выйсцем пры пэўных праблемах.
  4. Чучавіцкі пастарунак ці начальнік пастарунка быў у добрых стасунках са знахарамі, тым самым бярог іх ад непрадказальных дзеянняў улад.
  5. Чучавіцкі пастарунак бачыў каштоўнасць знахраства для мясцовай культуры, таму не хацеў перашкодзіць тутэйшым. Па расказах ці ўласнымі вачыма Чучавіцкі камісар мог бачыць запатрабаванасць у знахарстве і тое, што гэта частка культуры. Перашкоды і забароны маглі тым самым адгукнуцца камісару ці пастарунку.
Праверыць гіпотэзы магчыма толькі, калі ўсплывуць якія ўласныя гісторыі, альбо ўспаміны паліцыянтаў з Чучавіцкага пастарунка праз іх нашчадкаў. На ўласную думку, больш рэальнымі выглядаюць апошнія тры гіпотэзы, якія маглі існаваць разам.

Паралельна з тым, як у Палескім ваяводстве, у тым ліку ў Лунінецкім павеце, ставяцца на ўлік знахары як сацыяльна-небяспечныя элементы, то ў Варшаўскім ваяводстве шэптавая культура транслюецца праз мастацтва.
Праз месяц пасля апошняй камунікацыі паміж Лунінецкай камендатурай і следчым ужондам у Варшаве выйдзе фільм Знахар па творы Тадэвуша Далэнга-Мастовіча. Пасля гэтага фільма праз года выйдзе другая частка, а яшчэ праз год - трэцця частка фільма-трылогіі.
Дагэтуль застаюцца нераскрытымі шэраг пытанняў:
  • па якой прычыне Чучавіцкі, Краснавольскі і Гаўрыльчыцкі пастарункі паведамілі пра адсутнацсь знахараў;
  • ці былі зроблены фотаздымкі знахараў;
  • які лёс тых 13 знахараў, звесткі па якіх былі перададзены ў павятовую камендатуру
  • ці быў пераслед знахараў пасля 1937 года;
  • як склаўся лёс усіх тых 104 знахараў, якія трапілі ў спіс, ці была спадкаемнасць традыцыі і ці можна адсачыць дынастыю знахраў у былым Лунінецкім павеце.
Адзінае, што дакладна можна адзначыць, што шэптавая культура актыўна існавала, а пра яе буйныя памеры сведчыць здзіўленне кіраўніка следчага ўжонда ваяводства. Хаця тры пастарункі так і не далі адказаў і прайшло ўжо 87 гадоў, але ж ёсць надзея, што дапоўніць звесткі магчыма яшчэ і ў сённяшні час.
Выкарыстанне матэрыяла дазваляецца пры ўмове наяўнасці актыўнай гіперспасылкі на vandra.by у першым абзацы.
Вялікія Чучавічы Малыя Чучавічы Баравікі Лугі Гоцк Дакументы Даследаванні
Made on
Tilda