Краязнаўства: Чучавіцкі край

Забойства Баляслава Масціцкага ля ўрочышча Дуб

Здарэнне з Баляславам Масціцкім адбылося шчэ да пачатку савецка-польскай вайны, у лютым 1918 года. Сама вайна распачалася ў 1919 годзе, але ўжо за год да яе адбываліся лакальныя сутычкі паміж дзвюма бакамі.

Хто такі Баляслаў Масціцкі і што ён рабіў на тэрыторыі Беларусі?

Баляслаў Масціцкі - гэта сапраўды польскі чалавек з дваранскага паходжання. Усё яго жыццё было цалкам прысвечана вайсковай службе. Баляслаў паступова прасоўваўся па вайсковай кар'ернай лесвіцы да палкоўніка. Удзельнічаў і ў Руска-Японскай вайне, і ў Першай Сусветнай.

Палкоўнік Баляслаў Масціцкі, 1910-ыя гг.

У Першую сусветную полк Масціцкага быў далучаны да Першага Польскага Корпуса Доўбар-Мусніцкага як Першы Уланскі полк. Гэта адбылося 15 верасня 1917 года ў Дукорах. Каб адрознівацца ад рускай арміі Баляславаў прыгадаў аздобіць сцяг палка срэбным пэндзлікам і дрэўцам з арлом. А таксама Баляславам быў уведзены іншы спосаб трымання шаблі, каб ізноў адрознівацца ад расейцаў.

Калі Масціцкі быў у Дукоры, то тады ўжо пачаліся першыя сутычкі з бальшавікамі, які спрабавалі знішчыць полк. Калі сітуацыя пагоршылася і адбыліся сутычкі ў Турыне (Пухавіцкі раён) і Якшыцах (Бярэзінскі раён), то Юзаф Доўбар-Мусніцкі перавеў Уланскі полк разам з Масціцкім у Бабруйск. Гэта здарылася 3 лютага 1918 года, за два тыдні да забойства.

У Польскім Корпусе, у тым ліку ва Уланскім палку, павялічвалася колькасць дэмаралізаваных вайскоўцаў і дэзертыраў, а знаходжанне вакол варожа настроеных бальшавікаў было небяспечным. Менавіта з гэтай нагоды генерал Доўбар-Мусніцкі стварае дэлегацыю, каб тыя даехалі да Варшавы на сход Рэгенцкай Рады (кіраўніцтва Польскага каралеўства пад час Першай Сусветнай вайны), наладзілі сувязь з Радаю і дамовіліся аб выхадзе Корпуса бліжэй да Варшавы, на тэрыторыю Польшчы. У склад дэлегацыі ўвашлі Баляслаў Масціцкі, капітан Браніслаў Ромер і лейтынант Жыгмунт Падгорскі. У якасці падтрымкі і аховы па шляху да фронту дэлегацыю суправаджалі два эскадроны І-га палка ўланаў у колькасці 120 коннікаў і двух кулямётаў.

Забойства Баляслава Масціцкага

Першыя страты дэлегацыя панесла ў баю пад вёскай Лапацічы (сучаснае ўрочышча вёскі Гайнінец Ляхавіцкага раёна). Пад вёскай пры адыходзе адбыўся бой з бальшавікамі, у якім загінулі падпаручык Лябкоўскі, унтэр-афіцэр Мразінскі і уланы Шледзь і Сітарэк. Акрамя загінула 17 польскіх жаўнераў.

Далей дэлегацыя накіравалася на поўдзень, дзе ў вёсцы Ясенец пахавалі трох сваіх забітых жаўнераў. З вёскі Ясенец Масціцкі з вайскоўцамі накіраваўся на поўдзень, дзе спыніліся недалёк ад вёскі Дзяніскавічы ў Радзівілаўскай леснічоўцы. Калі глядзець на польскую мапу, то ёсць тры варяынты, што гэта была за леснічоўка: Падчарнічнае (верагодней, бо ляжыць на шляху да Вялікіх Чучавіч), Мар'янава і Волкаў.

Мапа з адзначаным месцам забойства і ўрочышчамі Дуб і Падчарнічнае, 1926 г.

Менавіта пад Дзяніскавічамі польская дэлегацыя падзяляецца на дзве, і частка вяртаецца ў Бабруйск. У бок Вялікіх Чучавіч накіроўваецца Баляслаў Масціцкі з малодшым капітанам Марушэўскім, перапрануўшыся ў сялянскае адзенне. 

Падзеямі 18 лютага 1918 года дзеліцца Грыцкевіч Марыя Сцяпанаўна, былая жыхарка вёскі Вялікія Чучавічы.

Ішоў палкоўнік, ну і з ім ішлі больш (толькі я не знаю, колькі іх було чалавек). А нашы людзі, чучаўляне напалі на яго, да абабралі. Ён нёс золата за сабою. Нёс яшчэ нейкі прыпас свае, а яны ад яго аднялі да і забілі ў Лавіцах (урочышча).
 
Забілі яго ды абу як пахаранілі, нехорашэ: палцы паадкручвалі, кольцы пазнімалі (булі залатыя ў яго), адзежу знялі (була адзежа на ім харошая). Знялі адзежу, а даўно бедна было, адзежы і не было, таму пазавідавалі і на адзежу. Іх було 12 чалавек. Во, на аднаго чалавека забралася 12 чалавек.

Слухаць эпізод VANDRA падкаста "Палескія гісторыі: в'юны, люлька, бортніцтва і польскі палкоўнік | Вялікія і Малыя Чучавічы"


Наступствы забойства

Пра забойства Баляслава Масціцкага адразу з'явіліся звесткі ў газетах, а ў вёску Вялікія Чучавічы накіравалася карная польская экспедыцыя з Польшчы.

Першая старонка газеты Пляцувка, 6 сакавіка 1918 г.

Цяпер дазналіся ў Польшчы, жонка яго, шчо тут яго забілі ў нашых Чучавічах і пахаранілі. Прыехалі сюда. Прыехалі, дапрашывалі хто, шчо. Панаходзілі вінавайцаў. Булі ж такія, што і падказалі ім, хто забіў. Булі і ў проціў, булі і за палкоўнікам, шчо не трэба було біць, адстойвалі. Яны хадзілі па хатах, а гэтыя ўсе білі, мужчыны хаваліся. А яны ў каждай хаце булі. То дзе і малыя, то яны сёдно білі. Клалі да білі. Мотно білі. Дажэ мне вот мой атец расказываў, шчо яго малога хавалі, бо яшчэ невялікі (Ліхтару Сцяпану Данілавічу тады было 16 год).
 
Ну ўсё-такі панаходзілі тых 12 чалавек, і ўзялі солтуса.  А солтус быў харошы чалавек. Солтус гэта не дазваляў рабіць, але ўзялі і яго. Сказалі, як хорашэ пахаронен, то цябе чапаць не будам. Даўно машын не було, і загадалі звозчыкам з коньмі, каб усе сабраліся і іх туды адвязлі ў Лавіца.
Вот выехалі ізвозчыкі, забралі гэтых вінавайцаў, іх і павзялі. Раскапалі. Сказалі так на месцы, як хораша пахованы, то будзеш аслабонены, а як нехораша пахованы, то за гэта і табе будзе. Раскапалі: у яго палцы падакручаны і адзежа знята, абу як пахованы, недобра.
 

Вот ужо едуць дамоў. Падвезлі пад сяло самае, дзе дубы, тут, на Ястаўцы. Пад'ехалі пад дубы і гэтага первага солтуса. Сказалі, дзе ён сядзеў, у катрога фурмана, "пад'язжай вот пад гэты дуб". Ён пад'ехаў пад дуб. Сказалі на солтуса, "становіса". А там із дуба рала таке шло. Далі яму вяроўку. "Чапляй вяроўку, завязвай, рабі пятляю і кладзі туды голаву". Вот ён ге зрабіў, улажыў голаву, а на фурмана сказалі, "ад'язджай". Фурман ад'ехаў, а ён ужо ж апаў далой і ўсё, яго нет.
 
А тых астальных вязлі вот тут, на кладбішча. Каля кладбішч. Сказалі, "залазьце, станавіцеся". Яны сталі падряд, і іх (не знаю, вінтаўкамі ці пулямётам) парастрачылі ўсіх. Тут жа на кладбішча іх так і пахаранілі. Подрад усіх пахаранілі. І брат яго прызджаў, і жонка прыязджала, і больш мо кто прыязджаў. То брат казаў ацапіць усю дзярэўню і спаліць, а жонка не дала. Каге, "е вінавайцы, а е людзі і добрыя" - да і асталіся нашы людзі.

Пасля пакарання сялян Чучавіч парэшткі палкоўніка былі перавезены ў Менск і пахаваны ў кафедральным саборы. А ўжо пасля прыходу польскай улады на тэрыторыю Заходняй Беларусі, у 1921 годзе, парэшткі былі перавезены ў Варшаву і пахаваны ў касцёле Святога крыжа (вуліца Кракаўскае прадмесце, 3).

Артыкул, прысвечаны Баляславу Масцікаму / часопіс "Жаўнер Польскі" / №8 (340)

Артыкул, прысвечаны Баляславу Масцікаму / часопіс "Жаўнер Польскі" / №8 (340)

У 1930 годзе ля ўрочышча Дуб на дароз між Дзяніскавіч і Чучавіч быў усталёваны мемарыяльны знак: складзеныя камяні з крыжом над імі. На камяных прымацаваны шыльда з надпісам:

Ён загінуў храбраю смерцю ў барацьбе за свабоду Радзімы.
Светлая памяць палкоўніку Баляславу Масціцкаму, камандуючы Краховіцімі Уланамі
18 лютага 1918 года

Помнік паўстаў дзякуючы намаганням і фінансавай падтрымцы перадапошняга нясвіжскага ардыната князя Альбрэхта Радзівіла. Адкрыццё памятнага знаку адбылося ва ўрачыстай атмасферы. На цырымоніі прысутнічалі вайсковае (кіраваў мерапрыемствам камандуючы ІХ карпусной акругай брыгадны генерал Траяноўскі) і цывільнае кіраўніцтва Другой Рэчы Паспалітай.

Мемарыяльны знак на месцы забойства Баляслава Масціцкага, урочышча Дуб

Ва ўсіх артыкулах адзначаецца, што Баляслава Масціцкага забілі бальшавікі, але палітычная асвядомленнасць сялян Чучавіцкага краю ў той час была амаль цалкам нулевая, таму можна меркаваць, што бальшавікі з неаседлых у вёсцы моглі спланаваць напад на польскага палкоўніка, а сяляне былі выкарыстаны як выканаўцы.

На жаль, невядома, ў якім стане зараз знаходзіцца мемарыяльны знак, бо дарога між вёскамі - надзвачай цяжкае выпрабаванне для ўсяго, акрамя лесавозаў. Таксама невядомы прозвішчы забітых сялян Вялікіх Чучавіч і дзе быў павешаны і пахованы солтыс.
2022-12-19 00:08 Вялікія Чучавічы Урочышчы Гісторыі Фотаздымкі Мапы